ЛЕКО́НТ ДЭ ЛІЛЬ ((Leconte de Lisle) Шарль Мары) (22.10.1818, г. Сен-Поль, Францыя — 18.7.1894),

французскі паэт, тэарэтык мастацтва. Чл. Французскай акадэміі (з 1886). Вучыўся ва ун-це г. Рэн. Кіраўнік літ. групы «Парнас», якая прытрымлівалася прынцыпаў «мастацтва дзеля мастацтва», «аб’ектывізму». Удзельнік рэвалюцыі 1848 у Францыі, паражэнне якой абумовіла песімізм яго творчасці. Аўтар паэт. зб-каў «Антычныя вершы» (1852), «Варварскія вершы» (1862), «Трагічныя вершы» (1884), «Апошнія вершы» (1895), трагедый «Эрыніі» (1873), «Апаланіда» (1888), памфлетаў. Яго творы адметныя моўнай і рытмічнай разнастайнасцю, насычаны культ. рэмінісцэнцыямі і алюзіямі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Ю.Гаўрук.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Из четырех книг: Стихи. М., 1960.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)